«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»
(«Młoda Polska»),
польская эмігранцкая дэмакр. арг-цыя, якая існавала ў 1834—36 у Швейцарыі. Засн. ў г. Берн групай польск. карбанарыяў, была звязана з арг-цыяй «Маладая Еўропа». Выступала супраць сістэмы Свяшчэннага саюза, з дапамогай сваіх эмісараў вяла прапагандысцкую дзейнасць у Польшчы пад лозунгамі незалежнасці краіны, надання паліт. правоў усім яе грамадзянам, ажыццяўлення радыкальных сац. рэформ. Пазней «М.П.» ўзначаліў І.Лялевель, сярод інш. дзеячаў Ш.Канарскі, К.Стольцман, Ф.Навасельскі, К.Залеўскі. Дзейнасцю арг-цыі ў Польшчы кіраваў створаны ў 1835 у Бруселі тайны «Саюз дзяцей польскага народа». Пасля 1836 чл. «М.П.» перайшлі ў арг-цыю «Аб’яднанне польскай эміграцыі» і ў Польскае дэмакратычнае таварыства.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)